Гісторыя Вольнага ананіма
“Найкаштоўнейшая падтрымка для былых палітзняволеных – гэта фінансы і працаўладкаванне”, – так лічыць адзін з нашых падапечных.
Сёння дзелімся меркаваннем і адчуваннямі Вольнага пасля вызвалення – па ягонай просьбе, ананімна.
Вольны:
“Пра ініцыятыву даведаўся ў тэлеграм-каналах, дзе публікаваліся допісы з інфармацыяй пра яе. Спачатку вырашыў не падавацца з матывацыяй "ніхто не дапаможа мне вырашыць мае праблемы, акрамя мяне". А потым вырашыў усё ж падацца, бо губляць няма чаго: а можа будзе нешта карыснае?
Маё чаканне ў будучым было шматкратна пераўзыдзена”.
Вольны адзначае, што планам пасля вызвалення была эвакуацыя:
“Гэта было зразумела адразу, як толькі я выйшаў. Абавязкова трэба, каб нехта ў гэтым дапамагаў, бо некаторыя пытанні па эвакуацыі лепш вырашаць па-за межамі краіны. Інакш ёсць рызыка, што сілавікі знойдуць таго, хто цікавіцца "выездам".
Праблемы Вольных
“Былі сур'ёзныя праблемы з грашыма пасля эвакуацыі. Прыехаў у новую краіну, дзе мне давялося жыць, літаральна з 30 еўра ў кішэні.
Складаным было знайсці новыя кантакты, аднавіць кола сяброў, вырашыць праблемы легалізацыі. Але самае-самае складанае ў эміграцыі, асабліва калі ёсць праблемы з замежнымі мовамі – знайсці працу”.
Таму Вольны падкрэслівае, што найкаштоўнейшая падтрымка для былых палітзняволеных – гэта фінансы і працаўладкаванне.
Падтрымка Вольных
“Падтрымкі было менш, чым хацелася б... Таму ў шматлікіх пытаннях такой падтрымкай стаў мой ментар* у рамках праекту”.
*Ментар_ка ініцыятывы Volnyja падтрымлівае адн_у Вольн_ую.
Якія змены адчуваеш пасля зняволення?
“Стаў больш маўклівым. І стала менш веры ў людзей. Але разам з тым значна больш веры ў тую меньшасць, якая ніколі не здраджвае сваім прынцыпам, і ў тую таксама меньшасць, што гатова дапамагаць іншым людзям. Агулам да людзей веры стала менш, але вось да гэтых катэгорый – значна больш. Таксама хачу дапамагаць людзям, гэта вельмі-вельмі важна”.
Ініцыятыва Volnyja працягвае дапамагаць.
Далучайся да ментар_ак Volnyja!