Гісторыя Вольнай сям’і
Кацярына расказвае:
“У калоніі быў муж. Яго яна вельмі змяніла. Убачыў, наколькі не шануецца чалавечае жыццё. Як ставяцца да хворых і старых. Гэта не праходзіць бясследна. Бачыць жонку і дзяцей праз краты, чуць словы дачкі "тата пойдзем дадому". Іх не забуду ніколі. Ён стаў нашмат больш сентыментальным. А я інакш зараз стаўлюся да зоны і да людзей, якія там знаходзяцца”.
“У мяне была хатняя хімія. Адбылася пераацэнка каштоўнасцей. Пачала больш шанаваць час з сям'ёй і звычайныя прагулкі, якія раней здаваліся звычайнай справай, а калі іх забаранілі, зразумела, чаго я пазбаўлена,” – дзеліцца Кацярына.
Што рабіць пасля зняволення?
Кацярына расказвае, што плана на час пасля вызвалення не было:
“Мы нават не планавалі з'яжджаць. Увогуле перасталі штосьці планаваць, бо калонія ў мужа, а хімія ў мяне зрабілі сваю справу. Здавалася ўсё бессэнсоўным”.
Пераезд
“Рашэнне з'ехаць было вельмі хуткім – адразу пасля чарговага затрымання. Таму асабліва падрыхтавацца не паспелі, нават дзецям дакументы зрабіць. Беглі цераз лес з аднымі заплечнікамі. Прадаць у РБ нічога не паспелі, і гэта ўжо немагчыма”.
Эміграцыя
“Адразу пасля пераезду нам вельмі дапамагла “Дапамога”: мы змаглі пажыць у Замку каля 2,5 месяцаў. Сябры падтрымлівалі, хтосьці дапамог грашыма на першы час. Грошы патрэбны былі на арэнду дома, дзецям па школе і на іншыя патрэбы. Напрыклад, на машыну, бо пераехалі за горад, шмат рэчаў для дома. Пакуль без дакументаў, працаваць афіцыйна нельга, таму дапамога неабходна. А яшчэ ўзніклі медыцынскія пытанні”.
Праблемы Вольных
Кацярына лічыць, што падтрымка патрэбна не толькі Вольным, але і ўсёй сям’і:
“Вольным неабходна забяспечыць даступнасць інфармацыі, патрэбна дапамога ў пошуку працы, фінансавая дапамога і псіхалагічная. Калі побач сябры і разумелыя людзі – нашмат лягчэй усё гэта перажыць. Нажаль, пакуль гэта не зусім так адбываецца”.
Адаптацыя ў эміграцыі
Кацярына ўспамінае, што калісьці эміграцыя здавалася немагчымай:
“Я ніколі не хацела з'яжджаць і так мяняць жыццё. Можа паўплывала тое, што апошнія гады нашае жыццё было пеклам, але адаптавацца атрымалася вельмі хутка. Я нават не заўважыла гэтага.
У дзяцей складаней, думала, давядзецца звяртацца па дапамогу псіхолага, але праз пару месяцаў усё нармалізавалася. Адчуванне свабоды перакрыла ўсе астатнія цяжкасці”.
Мары Анотона і Кацярыны
“Уся сям'я марыць аб спакоі, каб нас ніхто не чапаў і не тузаў. Каб нарадзіўся здаровы малыш, каб у мужа атрымалася справа, якую ён задумаў, каб старэйшая дачка змагла працягваць займацца танцамі і знайшла добрага трэнера і, вядома, дом у вёсцы тут, у Літве”.
Падтрымайма Вольную сям’ю!
Вы можаце дапамагчы грашыма, зрабів прамы перавод на картку. Каб дазнацца рэквізіты, калі ласка, напішыце нам у асабістыя паведамленні.
Далучайся да ментар_ак Volnyja!