Першаснае медыцынскае абследаванне пасля вызвалення. Памятка

Па дадзеных даследавання ініцыятывы “Вольныя” ,больш за 40% палітвязняў, якія выйшлі на свабоду, патрабуюць медыцынскай кансультацыі ці дапамогі.

Разам з лекарам-рэаніматолагам, кандыдатам медыцынскіх навук і валанцёрам Bymedsol Андрэем Вітушкам мы распрацавалі памятку, каб вы і вашыя блізкія ведалі, якія першыя крокі да аднаўлення здароўя варта зрабіць Вольным пасля вызвалення.

Узровень медыцынскага суправаджэння ў месцах зняволення ў Беларусі, мякка кажучы, невысокі. Часта там складана дабіцца кансультацыі лекара, уважлівага стаўлення, атрымаць патрэбны лек. Зняволенне само па сабе калечыць цела і душу, а ў такіх умовах і пагатоў. Таму Вольным пасля вызвалення вельмі пажадана прайсці медагляд.

Базавае мыдыцынскае абследаванне ўключае:

  • Візіт да стаматолага і аздараўленне зубоў. Не таямніца, што харчаванне і ўзровень стаматалогіі ў беларускай турэмнай сістэме не спрыяюць здароўю ротавай паражніны. А між тым нездаровыя зубы -  гэта крыніца многіх праблем са здароўем іншых органаў.  
  • Візіт да тэрапеўта/лекара агульнай практыкі (ці хаця б тэлемедыцынская кансультацыя) для першаснага агляду, вызначэння неабходных даследаванняў і кансультацыяў спецыялістаў, 
  • Для жанчын візіт да гінеколага. 
  • Лабараторныя абследаванні,
  • Інструментальныя абследаванні.

 

Лабараторныя абследаванні

Дапамагаюць зразумець,  наколькі добра функцыянуе арганізм. Калі няма магчымасці наведаць лекара да здачы аналізаў, можна выканаць базавы набор з якім потым звярнуцца да лекара па тлумачэнні.

У базавы набор аналізаў уваходзяць:

  • Агульныя аналізы крыві і мачы (дазваляе меркаваць пра многія аспекты працы арганізма (напрыклад, пра абмен жалеза), а таксама вызначыць парушэнні ў працы нырак)
  • Біяхімічны аналіз крыві (якія паказчыкі даследаваць – у наступнай картцы)
  • Аналізы гармонаў шчытавіцы (TSH – асноўнае,  Т3, Т4 - дадаткова) 
  • Для мужчын 40+ гадоў – PSA (скрынінг раку прастаты)

Біяхімічны аналіз крыві

Кроў для гэтых аналізаў як правіла бярэцца з вены, пасля 12-гадзіннага перапынку ў ежы (нашча). Перад здачай аналіза ўдакладніце, як лепш да яго падрыхтавацца (звычайна на старонках лабараторый, якія робяць аналізы, маецца інфармацыя на гэтую тэму). Біяхімічныя паказчыкі дазваляюць ацаніць функцыю ўнутраных органаў (печані, напрыклад) вызначыць дэфіцыт мікра- і макраэлементаў.

Якія базавыя тэсты варта ўключыць у біяіхімічны аналіз крыві:

  • глюкозу (некаторыя называюць гэты тэст “цукар крыві” - дазваляе ацаніць працу падстраўнікавай залозы і вызначыць схільнасць да цукровага дыябета  
  • ліпідаграму - колькасць розных відаў ліпідаў (тлушчаў) у крыві - дапамагае меркаваць пра рызыку развіцця і пагаршэнняхваробаў сэрца і судзінаў
  • пячонкавыя тэсты  ферменты (АсТ, АлТ, білірубін і альбумін)
  • мачавую кіслату і крэатынін, якія дазволяць меркаваць пра захаванасць функцыі нырак
  • электраліты натрый, калій і кальцый, якія дапамогуць даць ацэнку агульнаму стану памены рэчываў, вызначыць іх дэфіцыты. Можна ў даследаванне дадаць яшчэ і магній. Фасфаты, якія разам з кальцыем дапамагаюць меркаваць пра стан здароўя костак, а таксама пра працу шчытавіцы і нырак 
  • ферытын - дазваляе меркаваць пра захаванасць функцыі пераносу жалеза, 
  • вітамін D, вітамін В12 - тут мы ўбачым іх магчымы недахоп, які можа сказвацца на многіх аспектах памену рэчываў, 
  • ц-рэактыўны бялок - дапаможа зразумець, напрыклад, ці ёсць актыўнае запаленне ў арганізме.

Інструментальныя абследаванні.

Вядома, лепш за ўсё пра тое, якія даследаванні варта зрабіць менавіта вам, распавядзе лекар на асабістым візіце ці тэлемедыцынскай кансультацыі. Але калі такой магчымасці, няма, то вось вам спіс даследаванняў, якія дапамогуць ацаніць вашыя ўнутраныя органы  

  • Рэнтген грудной клеткі 
  • Электракардыяграма (ЭКГ). Вельмі карыснае даследаванне, асабліва для тых каму 40+. Дазваляе ацаніць рэгулярнасць рытма сэрца, убачыць прыкметы недастатковасці забеспячэння сэрца крывёй (ішэмія) і ўскосна ацаніць стан структур сэрца,
  • УГД органаў жывата, 
  • Гінекалагічнае УГД і мамаграфія адпаведна  скіравання гінеколага,
  • УГД сэрцы (калі ёсць для гэтага паказанні па дадзеных ЭКГ ці па жаданню аб’ектыўна ацаніць структуры і функцыю сэрца)
  • УГД шчытавіцы (дадаткова па патрэбе пасля аналізаў)

Калі дакладна трэба да лекара?

Калі ласка, кожны дзень сачыце за станам здароўя і неадкладна звярніцеся па медыцынскую дапамогу, калі заўважылі:

  • Крывацёк – кашаль з крывёю, кроў у мачы ці чорны стул. 
  • Праблемы з дыханнем (адышка пры фізічнай нагрузцы, якой раней не было ці з’яўленне/пагаршэнне адышкі на фоне віруснай інфекцыі), 
  • Эпізоды страты прытомнасці (асабліва ў камбінацыі з перабоямі ў сэрцы)
  • Боль (асабліва боль у грудной клетцы працягласцю больш за 10 хвілін, асабліва калі вам больш 40+, вы паліце, маеце залішнюю вагу і/ці дыябет (рызыка развіцця інфаркту сэрца), Пасля 3 дзён вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі  не стала лепш
  • Рэзкі галаўны боль, якога не было раней, асабліва ў спалучэнні з галавакружэннем і зменай выгляду твару і маўлення (прыкметы інсульта), 
  • Раптоўныя ацёкі на канцавінах, ці іншых частках цела, якіх раней не было,
  • Для жанчын – новыя гузакі ў малочных залозах, якія вы знайшлі пры самадаследаванні (калі ласка, знайдзіце ў сеціве, як гэта робіцца, і даследуйце не радзей чым раз на месяц).

У здаровым целе – здаровы дух!

Як для аднаўлення фізічнага, так і ментальнага здароўя мала хадзіць па дактарах. Змены пачынаем з сябе і з свайго ладу жыцця!

  • Ад 4,000 крокаў штодня (вельмі ў гэтым сэнсе дапамагае заведзенне сабакі) 
  • 6+ гадзін сну ў камфортных умовах
  • Адмова ад палення
  • Кардынальнае зніжэнне ўжывання солі (прафілактыка хвароб сэрца)
  • Здаровае харчаванне. Самай здаровай навукоўцы прызналі “міжземнаморскую дыету”. Яна спрыяе падтрыманню здаровай вагі цела і зніжае рызыкі хваробаў сэрца і судзінаў, якія ў сваю чаргу з’яўляюцца асноўнай прычынай смяротнасці. 
  • Штодзённы прыём вітаміну D па 1000-2000 ED, а пры недадастатковасці і болей (падкажа вам лекар).  

Калі вам патрэбна парада ці кансультацыя, калі ласка, звярніцеся да нас праз анкету ці ў асабістыя паведамленні праз сацыяльныя сеткі.

Па анлайн-парады ад лекароў можна звяртацца да сэрвісу okdoc.me. Гэта ананімна, а калі вы ў Беларусі, тады абавяскова карыстайцеся VPN.