Зьміцер Фурманаў. Гісторыя Вольнага
Зьміцер Фурманаў
“Я з’ехаў з Беларусі ў дзень вызвалення, калі даў інтэрв’ю для СМІ, таму што меў патрэбу распаўсюдзіць праўду”
Гісторыя Вольнага
Зьміцер Фурманаў быў затрыманы яшчэ падчас збору галасоў за кандыдатаў у прэзідэнты, 29 траўня 2020 года.
Прыгавораны да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вызваліўся 21 кастрычніка 2021, адбыўшы тэрмін цалкам.
Цяпер Зьміцер жыве ў Вільні і адзначае, што на рэсацыялізацыю яму спатрэбіўся год:
“Рэсацыялізацыя супала з праграмай інтэграцыі ў літоўскае грамадства, але літоўскую мову не атрымалася падняць на высокі ўзровень, бо яна даволі складаная”.
Увесь час зняволення Зьмітра падтрымлівала ягоная дзяўчына Воля. Яна дачакалася Вольнага і параіла з’яджаць за мяжу пасля вызвалення праз рызыку патрапіць за краты ізноў. Ужо ў Літве пара ажанілася.
Якія планы на будучыню?
“Зараз мы з жонкай Воляй адчыняем краму-прастору і марым, каб яна працавала на карысць беларусаў, то бок на захаванне самаідэнтычнасці беларускай культуры і мовы,” – расказвае Зьміцер.
Пра цяжкасці
Зьміцер адзначае, што самым складаным пасля вызвалення было расстанне з бацькамі: з-за пераезду яны бачыліся толькі некалькі гадзін.
Да гэтага часу застаецца боязь зачыненых на замок дзвярэй, калі ён застаецца ў памяшканні.
Праблемы Вольных
Зьміцер на сваім досведзе ведае, што пасля вызвалення цяжкасці не скончваюцца:
“Я лічу, што кожн_ая Вольн_ая мае патрэбу ў ментар_цы, бо пасля вызвалення людзі шмат чаго не разумеюць і не ведаюць, што рабіць. Як і з дзіцём, тут трэба надзейнае плячо ўзрослага і адказнага чалавека, які падтрымае і накіруе ў правільны бок”.
Падтрымка сваякоў Вольных
“Падтрымка патрэбная і сваякам Вольных, бо многія не ведаюць, як дапамагаць, куды звяртацца і якія ўвогуле правы і магчымасці маюць яны і блізкія. А мы ў ініцыятыве Volnyja можам пра гэта падказаць і зрабіць падтрымку даступнай,” – дзеліцца меркаваннем Зьміцер.
Калі мы падтрымліваем Вольных, мы клапоцімся пра будучае беларускае грамадства.
Будзьма салідарнымі і далучайцеся да ментар_ак!